МІ́РСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. У 15—16 ст. мясц. майстры выраблялі гаршковую кафлю з круглым, квадратным вусцямі або ў выглядзе чатырохпялёсткавай разеткі. З канца 16 ст. пашырана плоская тэракотавая, паліваная аднатонная (пераважна зялёная) і паліхромная кафля з рэльефным геам., расл., геральдычным, сюжэтнымі і інш. малюнкамі. Паводле тыпаў М.к. канца 16—17 ст. падзяляецца на сценную, вуглавую, паясную, карнізную, «каронкі», «дахоўкі», «гарадкі», медальёны. Кожнаму тыпу адпавядаў пэўны характар дэкору, які ў залежнасці ад месца размяшчэння кафлі на грубцы меў адпаведны сюжэт. Найб. пашыраны сценныя квадратныя кафлі памерамі 20 × 20 і 19 × 19 см з румпай даўж. 7—8 см, аздобленыя расл. і геральдычным арнаментам: выявы стылізаваных лістоў і кветак белага і жоўтага колераў на цёмна-сінім фоне, герб Радзівілаў (на жоўтым фоне аднагаловы цёмна-карычневы арол з распасцёртымі крыламі і шырока расстаўленымі лапамі; вядома каля 10 варыянтаў арла). Паясныя кафлі ўпрыгожвалі рэльефнымі выявамі міфалагічных істот, карнізныя — выявамі на міфалагічныя, расл., рэліг. сюжэты. Кафлі-«каронкі» і «гарадкі» аздабляліся выявамі букетаў, гірляндаў кветак, дубовых лістоў; «дахоўкі» — малюнкам «рыбіна луска». Пашырана выкарыстанне белага, сіняга, цёмна-карычневага, жоўтага, светла-зялёнага колераў. У 18 ст. выраблялі сценную гладкую непаліваную і пакрытую зялёнай (радзей белай) палівай кафлю, У 19 — пач. 20 ст. пашырана аднатонная, пакрытая карычневай або белай палівай кафля, гладкая і з рэльефным малюнкам, у стылі мадэрн.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Мірская кафля. Паліхромная кафля з раслінным арнаментам. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст.
Да арт. Мірская кафля. Паліхромная кафля з выявай герба князёў Радзівілаў. Канец 16 — пач. 17 ст.

т. 10, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)